НЯПА́РНЫ ШАЎКАПРА́Д (Lymantria, або Ocneria, dispar),
матыль сям. ваўнянак. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. Шкоднік больш як 300 відаў раслін, пераважна лясных лісцевых і пладовых дрэў.
Палавы дымарфізм моцна выяўлены (адсюль назва). У самкі крылы (размах 5,5—9 см) і грудзі брудна-белыя; брушка тоўстае, на канцы з жоўта-бурымі валаскамі; вусікі пілаватыя, чорныя. У самца пярэднія крылы (размах 3,5—5 см) шэра-бурыя, заднія (і грудзі) бурыя, з цёмным краем; брушка тонкае, з кутасікам на канцы; вусікі перыстыя, чорна-бурыя. Крылы з плямістымі (акрамя задніх у самцоў) светлымі махрамі, пярэднія з некалькімі цёмнымі звілістымі ці перарывістымі папярочнымі лініямі. Вусені даўж. 45—75 мм, шэра-бурыя, з 3 падоўжнымі жоўтымі лініямі, сінімі і чырв. валасістымі бародаўкамі, кормяцца лісцем, кветкамі. Кукалкі чырвона- ці чорна-бурыя, з валаскамі. Генерацыя аднагадовая. Зімуюць вусені ў абалонках яец.